Бережной Василий Павлович
Матчын голас (на белорусском языке)

Васiль Беражны

Матчын голас

Пераклад: Павел Марцiновiч

Прыляцеўшы на Месяц, яна ўсё разглядвала, захоплена ўсклiквала:

- Нiколi не думала, што тут гэтак добра!

Ён вадзiў яе несканчонымi тунелямi Селенаполiса, паказваў гмахi, якiя падпiралi чорнае, усеянае зоркамi неба.

- А хадзiць тут як лёгка, сыночак!..

Голас у мацi быў звонкi, яшчэ зусiм малады - можа, таму, што яна пявучая? Колькi памятае яе - любiла спяваць. На святы, сустракаючы гасцей, спявала весела, з iмпэтам, а ў буднi, за хатняй работай, - прыглушана i трохi сумна. Нават размаўляючы, як быццам вымаўляла словы - спявала iх. I зараз у ейным голасе было нешта гэткае... можа, незвычайнае або, можа... Можа, гэта яе так узрушыў палёт на Месяц? Ён услухоўваецца ў гэты да болю родны голас i нiяк не можа зразумець, што ж гэта так звiнiць у iм?

- А ў нас цвiтуць сады. Калi толькi прымаразкi не прыцiснулi... Ураджай будзе! Прыедзеш у водпуск гэтым летам?

Хацеў сказаць ёй пра экспедыцыю, словы ледзь не зляцелi з вуснаў, але... Навошта трывожыць мацi? Трывожыць... Ага, вось яно што - у ейным голасе чуецца трывога! Словы вясёлыя, а голас трывожны. Няўжо здагадалася, што гэта развiтанне?

- Хоць тут i лёгка хадзiць, - сказаў ён мацi, - але адлегласцi немалыя. Селенаполiс займае больш за сто квадратных кiламетраў. Давай, мама, трохi пад'едзем.

Дарожка, размаляваная палосамi зялёнага пластыку, панесла iх гулкiмi тунелямi, высокiмi пячорамi, сцены якiх iскрылiся ў святле кварцавых лямпаў. На паверхню iх вынес эскалатар. Мацi моўчкi глядзела на валатоўскi шацёр, якi кветкай ландыша накрываў кратэр дыяметрам не менш за кiламетр.

- Пляц Супольнасцi Нацый, - тлумачыў ён мацi. - Пасля работы сюды сыходзяцца людзi розных народаў Зямлi. Усе, хто працуе ў Селенаполiсе. А вось да возера пайшла група турыстаў. Паплаваць на Месяцы - экзотыка!

- Э, у Дняпры, напэўна, лепей. Вось як будзе ў цябе водпуск...

Калi аглядалi панараму астрадрома, дзе ў чорную глыбiню космасу нацэлiлiся два караблi вышынёй з Астанкiнскую тэлевiзiйную вежу, мацi зноў уздыхнула.

- Што гэта?

- Караблi далёкага дзеяння, мама. Рыхтуецца экспедыцыя да суседняй планетнай сiстэмы.

Прыжмуранымi вачыма глядзела яна на ракеты, а там поркалiся, мiтусiлiся мантажнiкi, зусiм маленькiя на такой далёкай адлегласцi. Цiха сказала:

- I чаго ляцець Бог ведае куды? Навошта лезцi ў пекла?

- Гэта надзейныя караблi, мама!

- А хiба не лепш было б спачатку поўнасцю абжыць Месяц, потым усе планеты Сонечнай сiстэмы, а тады ўжо...

Цяпер уздыхнуў ён.

- Магчыма, але...

- Але што?

- А хiба я ведаю?..

Ох, як яму хацелася расказаць пра гэты вынашаны ў марах палёт, пра тое, як ён хваляваўся, праходзячы адборачную камiсiю! Але стрымаўся. Гэта ж апошняя сустрэча перад стартам, апошняя - навошта ж яе азмрочваць? Мацi - гэта ж мацi, зараз пачне ўсе свае шкадобы...

А яму так прыемна, радасна слухаць яе. Хай гаворыць што заўгодна, абы толькi чуць, успрымаць, улiваць у душу гэты родны, адзiны сярод мiльярдаў голас.

- Ты думаеш, чаму чалавек прыжываецца на Месяцы? - фiласофствавала мацi. Бо ён у сферы прыцягнення роднай Зямлi, роднага Сонца. Гэта ж прастора, адведзеная нам прыродаю! I пакiнуць сваё Сонца... Хто ведае, што можа здарыцца...

Ён слухае i слухае, быццам п'е крынiчную ваду дзесьцi на Зямлi, у засенi дрэў. А мацi паказвае вачыма на вялiзную блакiтную кулю i, панiзiўшы голас, вядзе гаворку:

- Зiрнi, сынку, гэта ж цуд... Плыве ў прасторы Зямля, сама сабою, вось бачыш, снежная шапка на полюсе, а як адблiсквае акiян. Калыска жыцця! I як жа гэта так - узяць i пакiнуць гэтую казачную красу?..

У яго быццам расплюшчылiся вочы, ён зiрнуў на родную планету i ўбачыў, якая яна дзiвосная - сапраўдны цуд прыроды!

Невядомае дагэтуль пачуццё ахапiла яго - зашчымела сэрца.

- Дык калi ж у цябе водпуск?

- Невядома, мама... Таму i запрасiў, што сам не ведаю... Невядома, калi ўбачымся...

А сам добра разумеў, што водпуску ўжо не будзе. I мацi бачыць у апошнi раз. Халадок далёкага - ой якога далёкага! - падарожжа поўнiў ужо ягоныя грудзi.

- Пастарайся хоць на восень, - кажа яна, як просiць. - Якраз яблыкi, iгрушы... Ды i кавуны...

- Думаеш, мне не хочацца пахадзiць басанож па расе?

- Вось i паходзiш. Пагасцюеш у сваякоў, таварышаў.

Не, мацi i думаць не можа, што сын скiруецца ў космас i навекi страцiць усiх сваiх блiзкiх.

- А нашу сажалку паглыбiлi, колькi там рыбы! Ты ж любiш рыбал...

- Дзяжурнага аператара на вахту! - прагрымела з дынамiка.

Кранулiся кнопкi, экранчык пагас, матчын голас змоўк.

- Iду.

Ён часцяком пракручвае гэты запiс i як быццам зноў ходзiць з мацi па Месяцы, бачыць родную планету. Бо яны ўсё ж пакiнулi сваё Сонца, нават у тэлескопе яно бачнае адгэтуль зорачкай 12-й велiчынi. А Зямлi ўжо даўно не вiдаць.

Чаму яны паляцелi? Бо маладыя. I чалавецтва маладое.